Хваля змагання за правы трансгендарных людзей у ЗША пайшла на спад, у адрозненні ад Еўропы, асабліва на яе «перыферыі — у Прыбалтыцы», якая «б'ецца за гэта, як за нешта істотнае», сказаў у эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё латвійскі блогер, які пераехаў у РБ, Саламон Бэрнштэйн. Гэту дыскусію ў праграме «Экспертная думка» 17 лютага 2026 года пачаў вядоўца Уладзімір Казакоў. Ён распавёў пра новае рашэнне Еўрапарламенту, якое дазволіць «усім мужыкам — не ў армію, а нараджаць і ў дэкрэт»:
«Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю: транс-жанчыны — гэта жанчыны. Цалкам, з усімі вынікаючымі. Роўны доступ да праграм абароны, дапамогі па цяжарнасці і родах. То бок афіцыйна, па версіі еўрадэпутатаў, транс-жанчыны зараз таксама могуць цяжараць».
Еўрапарламент сапраўды прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае да прызнання трансгендарных жанчын жанчынамі. Толькі гэта не закон і не норма, якую краіны ЕЗ абавязаны выконваць, а частка рэкамендацыяў еўрапарламентарам пра тое, што можна прасоўваць на сесіі ААН па правах жанчын у сакавіку 2026 года.
У гэтым дакуменце няма ні слова пра цяжарнасць, роды ці дапамогу. Ён пра змаганне з гвалтам над жанчынамі, доступ да правасуддзя, інклюзіўнасць і абарону ад дыскрымінацыі. Толькі адзін яго пункт закранае транс-жанчын. У ім еўрадэпутаты заклікаюць лічыць іх жанчынамі менавіта ў кантэксце змагання з гвалтам і дыскрымінацыяй, каб яны маглі карыстацца праграмамі падтрымкі і дапамогі ахвярам хатняга гвалту.
Паводле дадзеных Мінпрацы, каля 15% жанчын у Беларусі хаця б раз у жыцці сутыкаліся з фізічным ці сексуалізаваным гвалтам. Але за дапамогай наважваецца звярнуцца толькі кожная трэцяя. Пры гэтым у Беларусі гэтак і не прынялі асобны закона пра змаганне з хатнім гвалтам.