Антыфэйк / фактчэк 23 лютага

На беларускім радыё ўвядзенне аўтарызацыі на ўезд у ЕЗ прадставілі як вяртанне віз для ўкраінцаў

Новая працэдура будзе абавязковай для грамадзянаў усіх краін, што падпісалі пагадненне аб бязвізе з ЕЗ, а не толькі для Украіны.

Еўразвяз верне платныя візы для ўкраінцаў, падзялілася інфармацыяй вядоўца беларускага радыё Алена Давідовіч. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што яна перакруціла факты.

Кантэкст: Уладзімір Зяленскі аспрэчыў паведамленні медыяў пра тое, што дэлегацыя Украіны можа прыехаць у Маскву для правядзення мірных перамоваў. Як ён кажа, Украіна гатовая сустракацца на тэрыторыі любой нейтральнай краіны, апроч Расеі і Беларусі.

Абмяркоўваючы 6 лютага 2026 года ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё другі раўнд перамоваў па Украіне ў Абу-Дабі, супрацоўніца Цэнтру паліталогіі Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Лізавета Глушакова назвала прадстаўнікоў Еўразвязу «распальвальнікамі вайны», паўтарыўшы словы спецпрадстаўніка Пуціна Кірыла Дзмітрыева. Іншы пракрамлёўскі наратыў паўтарыла гаспадыня студыі, радыёвядоўца праграмы «Актуальны мікрафон» Алена Давідовіч. Яна назвала падтрымку NATO акупацыяй Украіны. Суразмоўніцы пагадзіліся, што Расею не задаволіць размяшчэнне заходняй тэхнікі і кантынгенту на ўкраінскай тэрыторыі, гэтак жа, як і ўступ краіны ў Еўразвяз. Які, зрэшты, паводле слоў вядоўцы, і так адвярнуўся ад украінцаў.

«Вось апошняя інфармацыя: “З канца 2026 года віза для ўкраінцаў ізноў стане платная для Еўразвязу. Патрэбна сістэма, якая працуе на, акурат, візавы складнік. Уводзяць абавязковую аўтарызацыю для ўсіх вандроўнікаў. І цана адной заявы €20”, — зачытала Давідовіч інфармацыю, але не сказала, з якой яна крыніцы. — Вось пералічваюць гэта — 1016 грывень. І аформіць на сям'ю ці групу гэта немагчыма будзе. Гэта кожнаму трэба будзе афармляць асобнае. І ўзгадваем: у 2013 годзе віза для Украіны — €35, зараз — €20».

Насамрэч ЕЗ не скасуе бязвіз для ўкраінцаў. З чацвёртага кварталу 2026 года Еўразвяз плануе ўвесці Еўрапейскую сістэму інфармацыі і аўтарызацыі падарожжаў (European Travel Information and Authorisation System, ETIAS). Паслуга будзе каштаваць €20. Галоўнае адрозненне новай сістэмы ў тым, што віза — гэта дазвол на ўезд, які афармляецца праз консульства, а ETIAS — гэта электронная папярэдняя аўтарызацыя, якую атрымліваюць онлайн. Уводзяць яе не толькі для ўкраінцаў, а для грамадзянаў усіх краін, якія падпісалі пагадненне аб бязвізавым рэжыме з ЕЗ, у тым ліку Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія, Грузія, Сербія.

Працуе ETIAS так: чалавек праз інтэрнэт запаўняе кароткую анкету, аплачвае збор і, у большасці выпадкаў, атрымлівае адказ цягам некалькіх хвілін. Тэрмін дзеяння адказу — 3 года, калі раней не скончыцца тэрмін дзеяння пашпарту. 

Для параўнання: каб аформіць візу, трэба сабраць пакет дакументаў, запісацца ў візавы цэнтр ці адстаяць чаргу ў амбасадзе, здаць адбіткі пальцаў і дачакацца рашэння. Пра гэта не па чутках ведаюць беларусы, якія падарожнічаюць у ЕЗ. Грамадзянам Беларусі, каб трапіць у Шэнгенскую зону, трэба аплаціць консульскі збор — €35. Хоць некаторыя краіны бяруць больш: напрыклад, Нарвегія і Данія — €80. Калі падавацца праз візавы цэнтр, трэба заплаціць яшчэ сэрвісны збор — мінімум €11. А паслугі пасярэднікаў абыдуцца яшчэ прыкладна ў €70-€550.

ETIAS — не ўнікальная сістэма. Падобная працуе ў ЗША: з 2008 года — добраахвотная, з 2009-га — абавязковая. Электронная сістэма аўтарызацыі падарожжаў (The Electronic System for Travel Authorization, ESTA) абавязковая для грамадзянаў краін, з якімі Вашынгтон падпісаў пагадненне пра бязвізавы рэжым.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць