Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Жыццё ж наладжваецца…» Чаму рост эканомікі Грузіі не даводзіць выгаду адмовы ад ЕЗ

Два фэйкі ў адным ад латвійскага блогера Саламона Бернштэйна.

Пасля еўрапейскіх мерапрыемстваў у Ерэване расейскія і беларускія праўладныя медыі пачалі абмяркоўваць Арменію як краіну, якая нібыта выбрала антырасейскі курс. У гэтым кантэксце блогер Саламон Бернштэйн на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё заявіў, што Грузія стала жыць лепш пасля адмовы ад амбіцыяў уступіць у ЕЗ і NATO і развароту да Расеі. Але гэты прыклад скажае рэальную карціну: Грузія не адмаўлялася ад еўрапейскага курсу, а рост яе эканомікі тлумачыўся не гандлем з Расеяй.

Кантэкст: У пачатку траўня ў Ерэване прайшлі два еўрапейскія мерапрыемствы — двухбаковы саміт ЕЗ — Арменія і саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. У іх удзельнічалі кіраўніцтва Еўразвязу, лідары еўрапейскіх краін, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, а таксама Святлана Ціханоўская як запрошаная госця ад Беларусі. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што яго краіна хацела б уступіць у Еўразвяз. У Маскве гэта расцанілі як антырасейскую палітыку Ерэвана, пасля чаго ў медыя актывізавалася абмеркаванне Арменіі.

Латвійскі блогер Саламон Бернштэйн, які пераехаў у Беларусь (сапраўднае імя — Канстанцін Рудакоў), 5 траўня 2026 года на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё паспрабаваў даказаць, што Арменіі больш выгадна сябраваць з Расеяй, чым з Еўропай. У якасці аргумента ён прывёў Грузію.

«Паглядзіце на прыклад Грузіі ў гэтым святле. Яны фактычна дагэтуль яшчэ знаходзяцца ў “дэ-юрэ” канфрантацыі з Расейскай Федэрацыяй, але паціху наладжваюць тавараабарот, і за мінулы год іх эканоміка паказала плюс 6,5%. Да таго перыяду, калі яны любіліся з Еўропай, іх эканоміка расла на 1,5–1,8%. Як толькі яны засунулі палітычныя амбіцыі ўступлення ў Еўразвяз і NATO і зноў разгарнуліся ў бок Расейскай Федэрацыі, эканоміка паказала… Жыццё ж наладжваецца», — заявіў Бернштэйн.

Гэтая тэза будуецца на некалькіх падменах. Галоўная з іх — сцвярджэнне, што адносіны Грузіі і Расеі наладзіліся пасля адмовы Тбілісі ад уступлення ў ЕЗ. Гэта не так.

Кіроўную партыю «Грузінская мара» сапраўды лічаць прарасейскай. Але ўсе гады свайго кіравання яна абяцала ўступленне Грузіі ў Еўразвяз да 2030 года. Палітыку ў адносінах з Расеяй партыя называла прагматычнай і выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту. Гэта можна апісваць як спробу бесканфліктнага суіснавання, але не як адмову ад еўрапейскага курсу. Больш за тое, менавіта пры «Грузінскай мары» ў Канстытуцыю Грузіі ўнеслі артыкул пра стратэгію інтэграцыі краіны ў Еўразвяз і NATO. Гэта адбылося ў 2017–2018 гадах.

Пасля парламенцкіх выбараў 2024 года ўлады Грузіі прыпынілі працэс уступлення ў Еўразвяз да 2028 года, бо Еўрапарламент адмовіўся прызнаваць іх свабоднымі і сумленнымі. Аднак нават гэта не прывяло да прыкметнага росту залежнасці Грузіі ад гандлю з Расеяй. Дзесяць гадоў таму Грузія прадавала ў Расею 7% сваёй экспартнай прадукцыі, у 2025-м — 10%. Пасля ахаладжэння адносін з ЕЗ гэтая доля не стала вышэйшай.

Грузія не залежыць ад аднаго гандлёвага партнёра па экспарце. Больш актыўна, чым з Расеяй, яна гандлюе з Кыргызстанам і Казахстанам, зусім крыху адстае Азербайджан. Таму рост таваразвароту з Расеяй нельга лічыць галоўным фактарам росту грузінскай эканомікі. Сусветны банк тлумачыў гэты рост перадусім развіццём турызму, IT-сферы, транспарту і адукацыі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць